Гаркавы подых вайны

Сярод вялікай групы ветэранаў педагагічнай працы ў Сяльцы сваё пачэснае месца займае Яўген Сяргеевіч Сёмуха. Многія яго ведаюць як чалавека высокай эрудыцыі, аматара музыкі, кампазітара, у свой час моцнага шахматыста, заядлага паляўнічага і рыбалова. Яўген Сяргеевіч не раз задаваў сабе пытанне: «А ці шчаслівы я?» Адказ быў заўсёды наступны: «Была б у дзяцінстве сям’я, было б шчасце. Займаўся б я музыкай. А так прыйшлося жыць з улікам тых абставін, якія ўнесла вайна».

Дзяцінства Яўгена пачыналася на сучаснай Пружаншчыне, на хутары з надзвычай прыгожай і ласкавай назвай Ясенец. Весела было, калі летам з бліжэйшых вёсак Варанілавічы і Смаляніца прыязджалі сяляне нарыхтоўваць сена. А разам з бацькамі былі і дзеці, Яўген і яго брат Васіль гулялі з імі, заводзілі знаёмствы.

У 1941 г. Яўген ужо пачаў усведамляць, што адбываецца ў свеце, таму і сёння ўспамінаецца шмат, але найбольш яскрава пэўныя эпізоды.

Лета 1941 года, сабака Вятка

Чырвоная Армія адступала, на хутар заходзілі бяззбройныя салдаты, яны прасілі есці. Сям’я Сёмухаў была забяспечаная, але праз тыдні паўтара нічога не засталося, прыйшлося рэшткі прыхаваць. Аднойчы раніцай, калі савецкі баец рваў у іхнім агародзе цыбулю, што расла з усходняга боку, з супрацьлеглага на конях паявіліся немцы. Чырвонаармеец адразу пабег у лес, немцы, спешыўшыся, кінуліся за ім, пачалася страляніна. Гадзіны праз тры немцы вярнуліся, схаваліся ў хлеў і пачалі чакаць. Дачакаліся групы савецкіх салдат, падпусцілі бліжэй і адкрылі агонь. Аднаго ранілі ў шыю, другога ў сцягно, а камандзіру пашанцавала: куля трапіла ў пражку палявой сумкі. Немцы не праследавалі чырвонаармейцаў, яны зрабілі аблаву праз суткі: па лесе прайшло каля двухсот немцаў. Пад вечар немцы зышлі, і разам з імі ішоў паранены ў сцягно салдат, які Сёмухам не раз паўтараў, што ён з рускага горада Вяткі, каб яны запомнілі. Каб не забыць, Яўген назваў так сваю маленькую сабачку — Вятка. А другі салдат, што быў паранены ў шыю, з перабітым горлам, памёр. Сям’я пахавала яго метрах у сямідзесяці ад хаты. Дакументы нябожчыка паклалі пад бэльку, у пятую адтуліну, мелі надзею, што некалі ўдасца пераслаць родным, але ніхто не ведаў, што дом згарыць, а разам з ім і паперы.

Лета 1942 года, раненне, добрыя людзі

Зімой немцы наведалі аднойчы хутар. Вынікам допытаў пра партызанаў стала збіццё немцамі маці трасценкай, яна якраз ткала. Прыстрэлілі сабаку Мэры, а Вятка ўцякла. Дом не спалілі, магчыма, паспрыяла тое, што бацька адразу страціў прытомнасць (ён хварэў на эпілепсію).

А летам 1942 г. зноў у лесе з’явіліся людзі, ішла нарыхтоўка сена. Як і да вайны, разам з дарослымі прыехалі дзеці. У лесе меліся такія-сякія боепрыпасы, таму хлапчукі «рабілі патроны». 14 чэрвеня Яўген разбіраў узрывальнік гранаты, які ўзарваўся і пакалечыў правую руку: адарвала пальцы. Хлопчыку пашанцавала: якраз недалёка знаходзіўся партызан, які прыбег на гук выбуху, умела апрацаваў рану і, дастаўшы індывідуальны пакет, перавязаў хлопчыку руку. Тым партызанам аказаўся вядомы чалавек, актыўны член КПЗБ, сакратар Пружанскага падпольнага райкама, старшыня Поразаўскага райвыканкама ў вайну, пазней (чэрвень-ліпень 1943 г.) — камісар партызанскай брыгады імя Панамарэнкі Сцяпан Піліпавіч Пацяруха. Але аб гэтым Яўген даведаўся пазней.

На наступны дзень параненага хлопчыка адвязлі ў Ружаны. Доктар мясцовай бальніцы яўрэй Марголіс зрабіў перавязку, паківаўшы галавой, калі ўбачыў бінт індывідуальнага пакета, даў загад неадкладна яго спаліць. Марголіс пазней загінуў на Броннай Гары. Пакуль Яўген будзе ў бальніцы, на хутары адбудуцца страшныя перамены. Бацькі будуць арыштаваны і забіты, хутар спалены. Цудам выратуецца брат Васіль, які схаваецца пад ложкам. Немцы забралі людзей, але добра, што не спалілі адразу хату, і ложак стаў выратаваннем – хлопец сядзеў пад ім шэсць дзён. Пачаліся сірочыя гады, хлопцаў выхоўвала родная цётка.

Пастушок, «мяжа»

Жыццё Сёмухі ў Варанілавічах было падобна на жыццё ўсіх тагачасных дзяцей. Ля вёскі праходзіла мяжа, праведзеная немцамі, якая аддзяляла тэрыторыю рэйхскамісарыята Украіны ад рэйхскамісарыята Остлянд. Вёска Варанілавічы ўваходзіла ў Остлянд, а вёска Шчытна належала да Украіны, паміж імі і знаходзілася мяжа. Вядома, ніякай сапраўднай мяжы там не было. Стаялі палкі-тычкі з прывязанымі ўверсе пучкамі саломы ці сена. А пагранічнікі былі. То былі пажылыя немцы, пад шэсцьдзесят гадоў. Яны двойчы, раніцай і вечарам, абыходзілі мяжу. Гэтыя восем чалавек «ахоўвалі» мяжу, нават калі немцы ўжо пакінулі вёску ў ліпені 1944 года і толькі днём вярталіся на нейкі час. Партызаны гэтым скарысталіся і аднойчы акружылі заставу. Яе камандзір, закаранелы гітлеравец Антэк, патрабаваў змагацца да апошняга. У выніку жывым застаўся толькі адзін памежнік, яго прозвішча было Мурэц. Як ні парадаксальна, але ў Варанілавічах яго ўсе ведалі і любілі, ён нядрэнна размаўляў па-руску. Гэты сталы чалавек быў добры цясляр, дапамагаў мясцовым людзям. Ім жа быў зроблены будынак для саміх памежнікаў. Калі партызаны ўзялі яго ў палон, то ён паказаў, што не скарыстаў ніводнага патрона. Палоннага пераправілі ў Гута-Міхалін. Пайшла чутка сярод партызан, што праз лес будуць ісці адступаючыя немцы, таму вартавы, не ведаючы, што рабіць, застрэліў Мурэца. А чутка аказалася падманнай.

Сам Яўген пасвіў кароў, якія былі самымі злоснымі «парушальнікамі» мяжы, раз за разам пераходзілі яе. Вярнуць кароў памежнікі дазвалялі толькі старэйшым хлапчукам. Дурныя былі каровы, не разумелі, а адказваць прыходзілася людзям.

Іосіф Урбановіч

Той дзень, 10 ліпеня 1944 года, урэзаўся ў памяць дзесяцігадовага Я. Сёмухі. Да вызвалення заставалася чатыры дні, якраз тады і перакрыжаваліся шляхі малога хлопца і не абы якога чалавека.

Гістарычныя энцыклапедыі паведамляюць, што Іосіф Паўлавіч Урбановіч нарадзіўся ў 1907 годзе ў вёсцы Шэйнічы. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, быў выключаны на пятым годзе навучання, актыўны член КПЗБ (псеўданім Максім), перад вайной узначальваў пасялковы савет у Ружанах. Іосіф Урбановіч адзін з першых пачаў барацьбу з немцамі, ужо ў канцы 1941 г. ён сакратар Ружанскага раённага падпольнага антыфашысцкага камітэта, у 1942  — сакратар міжраённага камітэта барацьбы з нямецкімі акупантамі, які ў 1943 рэарганізаваны ў Брэсцкі абласны антыфашысцкі камітэт. У чэрвені і ліпені 1943 — камандзір партызанскай брыгады імя Панамарэнкі. Урбановіч — арганізатар разгрому нямецкага гарнізона ў Косава. Загінуў 10 ліпеня 1944 года пры выкананні службовых абавязкаў, як напісана ў савецкай энцыклапедыі.

Я.С. Сёмуха быў сведкам тых драматычных падзей. Што ж тады адбылося ў палескай вёсцы Варанілавічы? Надыходзіў фронт, немцы адступалі і ўрэшце збеглі з вёскі. А амаль пад абед у вёску ўварва-ліся… бандыты, дастаткова вялікая група. Былі яны на добрым падпітку, заняліся самым звычайным рабаўніцтвам, бралі не толькі жыўнасць (у цёткі Сёмухі вывалаклі і пагрузілі падсвінка), але не грэбавалі іншым дамашнім скарбам. Гэтая вакханалія працягвалася га-дзіны з чатыры, мінуў абед, вось тады і з’явіўся ў вёсцы I. Урбановіч з невялікай групай суправаджэння. Урбановіч спешна знайшоў верхаводу рабаўнікоў і загадаў спыніць брудныя дзеянні. На што той адказаў, што ён не можа падпарадкоўвацца ўсім тут. I. Урбановіч паказваў паперы, але распетраны Л. (ніхто і сёння не называе імя таго чалавека, толькі так) загадаў застрэліць Урбановіча свайму памочніку, што той і выканаў. Усё гэта адбывалася амаль у цэнтры вёскі, дзе наш сведка разам з таварышам прама пасярод вуліцы разглядалі партызанскую газету. Ці разумеў ён, што тут адбываецца?

Расклад сіл аказаўся наступны: на адным канцы вёскі групка прыбыўшых з Урбановічам, на другім — рабаўнікі. Прыехаўшыя з Урбановічам распаўсюдзілі чутку аб прыбліжэнні адступаючых з фронту немцаў, былі зроблены правакацыйныя стрэлы, пасля чаго марадзёры праз вёску кінуліся ў лес. Яўген таксама прыпусціў дадому, але метраў за 50 ад хаты быў збіты коньмі ўцекачоў. Ён страціў прытомнасць. Сусед Грышчэня адцягнуў яго да плота. Вечарам хлапчука забралі родныя. Вызваленне Яўген сустрэў у цяжкай хваробе, не бачыў ён і кары Л. і яго памочніка, хаця ведае, што першага павесілі тут жа, у Варанілавічах, а другога расстралялі, пахавалі, дзе пазней была сядзіба Макарэвіча Кандрата.

Яўген Сяргеевіч пражыў жыццё з павагай да імя Урбановіча, але толькі праз шэсцьдзесят год расказаў праўду аб апошніх імгненнях ягонага жыцця. Аказалася, што блізкай радні ў І. Урбановіча няма, дзяцей сваіх не было, грамадзянская жонка памерла, а яе пляменнікі цікаўнасці не праявілі.

Я.С. Сёмуха выдатны грыбнік. Часта адпраўляўся па грыбы ў Гута-Міхалін. І там, хаця б раз у сезон, накіроўваў свой матацыкл да партызанскіх могілак, каб пастаяць ля магілы І.П. Урбановіча, які ніколі не ведаў аб яго існаванні, але стаў часцінкай жыцця і памяці.

Будзеце ў Гута-Міхаліне, не палянуйцеся, зазірніце, тут ёсць каму пакланіцца.

Мікалай ПЕЙГАН,
Мікалай СІНКЕВІЧ.
Фота Мікалая СІНКЕВІЧА.

Оставить отзыв

Введите текст на картинке: