Віктар СУПРУНЧУК: “Жадаю шчасця землякам”

Syprunchuk-29122012Напярэдадні свята да нас у рэдакцыю завітаў наш зямляк, вядомы беларускі пісьменнік Віктар СУПРУНЧУК. У 2011 годзе ў сваім вя-лікім інтэрв’ю “Маяку” ён шчыра дзяліўся з чытачамі планамі, распавядаў пра новыя кнігі, над якімі працуе. Таму, па-першае, мы спыталі ў пісьменніка, якім быў для яго 2012 год.

- Я закончыў і здаў  у выдавецтва кніжку, якая называецца “Цвіў белы-белы бэз”. Так называецца і адно з маіх апавяданняў, якое было надрукавана ў газеце “Звязда”, і я даў гэтую назву кніжцы. Гэта апавяданні пра каханне, пра любоў да зямлі, адносіны паміж жанчынай і мужчынам; і, акрамя таго, у гэтую кніжку ўвайшла аповесць “Мітусня”, таксама пра няпростыя чалавечыя адносіны ў перыяд дзевяностых гадоў, калі мы не ведалі, што і як рабіць, чым заняцца, і многія лёсы парушыліся ў тыя гады. І мы мітусіліся, мітусіліся… Урэшце хтосьці выплыў, хтосьці прапаў. Гэтая кніжка выйдзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” у пачатку 2013 года.

Акрамя таго, я напісаў вялікую частку рамана “Банк”, якую, думаю, праз года паўтара закончу. І яшчэ адну маю кнігу плануюць у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. У яе ўвойдуць лепшыя творы, якія былі выдадзены ў  розныя гады. У тым ліку аповесці “Банальны дэтэктыў”, “Трэці сын” і яшчэ некаторыя ўжо вядомыя чытачу творы, якія былі адзначаны прэміямі розных часопісаў.

- Віктар Пятровіч, ці ёсць зараз у Вашай творчасці працяг вядомай сялецкай тэмы?

- Так. Я пішу таксама аповесць пра лю-дзей вёскі Сялец. Розныя характары, жыццёвыя канфлікты, складаныя лёсы… Гэта і вайна, і калгасныя часы, у якія жылі дзяды, бацькі, і сучаснасць, калі часам атрымліваецца так, што дзеці не зусім адпавядаюць жаданням, надзеям бацькоў. Я думаю, будзе цікава, таму што гэта кароткія главы пра розных людзей, але іх аб’ядноўвае вёска. Гэта па прынцыпе, як у рамане Сінклера Льюіса “Главная улица”, у якім аўтар проста апісвае лёсы суседзяў.

Гэта лёс, праблемы, жыццё, гісторыя–ўсё разам. Можна ў аднаго чалавека ўкласці цэлую эпоху, праз чалавека паказаць лёс народа, нацыі, яе гісторыю. У гэтым і заключаецца майстэрства пісьменніка.

Я лічу, што многае яшчэ не напісаў, паспрабую ўсё-такі больш зрабіць і для Бярозаўшчыны, таму што край у нас вельмі цікавы, багаты незвычайнай гісторыяй і людзьмі, працавітымі, таленавітымі.

- Якія Вашы пажаданні землякам, чытачам “Маяка” у сувязі з надыхо-дзячымі святамі?

- Хацеў бы павіншаваць землякоў з Калядамі і Новым годам. Пажадаць шчасця, здароўя, добрай працы на карысць роднага краю – нашай Радзімы Беларусі; каб усе іх жаданні споўніліся, каб кожны атрымаў тое, аб чым марыў, што заслужыў і зарабіў. Гэты год, які зараз адыходзіць ужо ў гісторыю, у кожнага быў і складаны, і просты. Штосьці не атрымалася, але гэта жыццё. Няхай вас не пакінуць жаданне, натхненне і сілы зрабіць як мага больш.

З пісьменнікам размаўляла Маргарыта ГАРАВАЯ.
Фота Мікалая ЛЯВОНАВА.

Оставить отзыв

Введите текст на картинке: