“Цвіў белы-белы бэз”

suprunchuk-12062013Чарговая кніга пісьменніка і земляка Віктара Супрунчука “Цвіў белы-белы бэз” выйшла з друку ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” тыражом 2000 экзэмпляраў. Мы распыталі Віктара Пятровіча пра яе.

- Кнігу складаюць аповесць і апавяданні. Назва аповесці “Міту-сня” вельмі сучасная, таму што закранае кожнага чалавека. Гэта аповесць пра 90-я гады, калі мы ўсе мітусіліся, шукалі сваё месца ў новым жыцці. Было вельмі складана людзям уваходзіць у гэта новае жыццё… Нехта ішоў у камерцыю, нехта прыдумваў неверагодныя праекты. З’явілася шмат людзей, у якіх нічога не атрымалася, усё пайшло прахам… Раптам пачулі пах вялікіх грошай, ад гэтых дурных грошай у многіх нешта рабілася з галавой… Ніякай палітыкі ў аповесці няма, тут палітыка самога чалавека. Галоўны герой – звычайны інтэлігент, таксама трапіў у мітусню і шукае лепшага жыцця для сябе і сваіх блізкіх. Урэшце рэшт ён застаецца каля разбітага карыта, у пачатку свайго новага жыццёвага шляху. І трэба пачынаць, нешта думаць… Ілюзіі, на якія ён спадзяваўся, пайшлі марна.

Усе апавяданні фактычна друкаваліся ў газеце “Звязда”, у часопісе “Літаратура і мастацтва”. Апавяданне “Валя” ў конкурсе газеты “Звязда” атрымала першую прэмію. Апавяданні “Маг-нітны чалавек”, “Анэля і Парыж” друкаваліся ў часопісе “Дзеяслоў”. Астатнія – у некаторых іншых выданнях… Творы розных гадоў сабраліся, і выйшла кніга пад назвай “Цвіў белы-белы бэз”. Амаль усе апавяданні прысвечаны каханню, якое не заўжды бывае ўзаемным. Пад дахам кахання існуюць розныя нюансы – здрада аднаго чалавека іншаму, нават злачынства. “Цвіў белы-белы бэз” таксама апавяданне пра каханне. Героі гэтай кнігі – рэальныя людзі з вёскі Сялец.

Дарэчы кніжка гэта прысвечана майму земляку з Сяльца, таленавітаму прадпрымальніку і добраму цікаваму чалавеку Мікалаю Гаворка. Дзякуючы яго намаганням і яго сям’і ў Бярозе каля кляштара пастаўлены помнік (крыж) растраляным жыхарам Сяльца і Бярозаўшчыны.

Што датычыцца творчых задумак… Месяц назад я скончыў невялікую аповесць “Дачнікі”, якую аддаў у “Маладосць”. Планую працяг гэтай тэмы, інакш кажучы, будуць “Дачнікі-2”. Дзесяць гадоў я аддаў раману пра банк, таксама вельмі цікавая, актуальная тэма. У нас у Беларусі яшчэ ніхто не пісаў такога, і ў Расіі таксама. Сёння мы бачым вельмі сур’ёзныя крызісы ў тых краінах, дзе банкаўская сістэма ўзяла на сябе многа ўлады… Але ж мая кніга не аб гэтым. Я паказваю чалавечыя лёсы, паводзіны чалавека ў абставінах, калі вакол вялікія грошы, вялікая ўлада… Спа-дзяюся, што ў наступным годзе я нарэшце скончу гэты раман.

Запісала Маргарыта ГАРАВАЯ.

Оставить отзыв

Введите текст на картинке: