Простае жаночае шчасце…

У нашым грамадстве склалася трывалае меркаванне, што мець многа дзяцей неверагодна цяжка. Ні павага з боку дзяржавы да тых, хто годна выхоўвае дзяцей, ні пэўныя ільготы не здолелі пакуль што пераадолець імкненне большасці маладых людзей мець адно, максімум дваіх дзяцей.
І мне хочацца расказаць пра адну валявую, мудрую маці шасцярых дзяцей Кацярыну Іванаўну Саўчук, якая лічыць, што шматдзетная сям’я – гэта шчасце, якое «перакрывае» ўсе цяжкасці. Гэтае шчасце множыцца з прыходам у сям’ю кожнага новага чалавека. Множыцца і любоў, і чым больш ты яе аддаеш, тым больш у цябе яе з’яўляецца. Той, хто не аддае, у таго яе і няма – яна згасае. Руплівая, шчырая, сумленная маці Кацярына Іванаўна разам з мужам Пятром Мікалаевічам выгадавалі шасцёра дзяцей, далі ім вышэйшую адукацыю. Пэўна, з глыбіні матчынай любові ў дзяцей нараджаюцца лепшыя чалавечыя якасці: павага да людзей, уменне спачуваць, быць надзейнымі і вернымі – усе гэтыя рысы выхавалі ў сваіх дзяцей Саўчукі.
Мабыць, за ўсю гісторыю свайго існавання чалавецтва не прыдумала іншай супольнасці людзей, дзе ўмовы выхавання дзяцей былі б больш спрыяльныя, чым у дружнай сям’і. Добрае вырастае толькі на добрай глебе, і такой глебай для дзяцей з’яўляецца сям’я, прыклад бацькоў.
У сям’і Саўчукоў пануе ўзаемаразуменне, таму дзеці не баяцца ісці дадому са сваімі праблемамі і хваляваннямі. Стаўшы дарослымі, усё роўна просяць у бацькоў парады. З гадамі сям’я павялічылася – прыбавіліся трое зяцёў, нявестка, сямёра ўнукаў. Кожны дзень Кацярыны Іванаўны запоўнены клопатамі пра дзяцей, унукаў, людзей, імкненнем дапамагчы ім. У гэтай хаце ўтульна і светла, пануе нейкі асаблівы дух сяброўства. Многа дзіцячых галасоў, гучыць гармонік, спяваюцца песні. Любоў гэтай жанчыны не мае межаў. Кацярына Іванаўна – тактоўная, добрая гаспадыня, якая хутка сумее прыгатаваць пачастунак, смачна накарміць і развесяліць усіх, саміх сябе пацешыць, адвесці душу.
У народзе бытуе прыказка: «Маці носіць дзіця дзевяць месяцаў пад сэрцам і ўсё жыццё ў сэрцы». Хаця дзеці Кацярыны Іванаўны ўжо дарослыя, павыляталі з бацькоўскай хаты, але сэрца маці гэтак жа поўнае клопатаў і малітваў пра дзяцей, а яшчэ больш пра ўнукаў. І па-ранейшаму жанчына лічыць, што дзеці – гэта шчасце. Ды і сапраўды, а што ж, акрамя дзяцей, у жыцці па-сапраўднаму каштоўнае?!
Няхай жа, Кацярына Іванаўна, Ваша сэрца будзе сагрэта шчаслівай усмешкай вашых дзяцей і ўнукаў. Няхай шчасце і дабрабыт не пакідаюць Ваш утульны дом. Няхай вясна і цуды доўжацца ў Вашым жыцці вечна!

Ала БУХТА,
настаўніца СШ №2 г. Бярозы.

Оставить отзыв

Введите текст на картинке: