Бібліятэка рэкордаў

Ніводная бібліятэка ў раёне не можа пахваліцца такой колькасцю інфармацыйнага матэрыялу аб сваёй вёсцы, яе жыхарах, прыродным багацці, народных умельцах, як Спораўская.sporowo Мяркуйце самі: два літаратурныя выданні “Спорава і спараўцы”, напрыклад, убачыўшы свет у 90-я гады двухтысячным тыражом, сёння – ужо рарытэт. Зноў жа, толькі ў спораўскай бібліятэцы вам пакажуць карту кампактнага пражывання спараўцоў “Спаравец ідзе па свету”, складзеную чытачамі, якая называе адрасы землякоў па прозвішчах Жуковіч, Пракурат, Пашкевіч, Бруйла, Казека, Аполька – у ЗША, Ірландыі, Афрыцы, Італіі, Германіі, Ізраіле, не кажучы ўжо пра бліжняе замежжа.
Што ў чытаючым Спорава жывецца здорава, лёгка пераканаўся кожны са ста прысутных, хто прыйшоў на вечарыну, каб павіншаваць сваю кніжніцу з 65-годдзем. На юбілейную вечарыну прыехалі былыя бібліятэкары, кіраўнікі-ветэраны біб-ліятэчнай справы ў раёне, дырэкцыя і работнікі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Іх успаміны пра першую бібліятэку спараўцоў на даму, пра драўляную хату-чытальню, якая стаяла на беразе Спораўскага возера, пра вялікі інтарэс да кнігі колішняй моладзі, пра кніганош зрабілі сустрэчу цёплай, непаўторнай.
Сёння камп’ютарызаваная ўстанова якасна задавальняе інфармацыйна-забаўляльныя запыты жыхароў аграгарадка “Спораўскі”, дзе пражывае звыш адной тысячы чалавек, з якіх кожны трэці чытае. Візітнай карткай бібліятэкі з’яўляецца эколага-асветніцкі цэнтр “Ведай. Любі. Беражы” і краязнаўчы куток “Соль зямлі Спораўскай”. Актыўны чытач-спаравец штогод: 8-9 разоў наведвае сваю бібліятэку, знаходзіць час, каб прачытаць каля 25 кніг, не менш пяці разоў наведвае бібліятэчныя мерапрыемствы, актыўна ўдзельнічае ў разнастайных конкурсах, акцыях. Такая вось прыемная статыстыка.
На юбілейнай вечарыне былі адзначаны чытачы-рэкардсмены: чытаючая сям’я з пятнаццаці чалавек Віктара і Марыі Пракурат; уладальніца намінацыі “Розуму палата” Тамара Водзіч; лідэры дзіцячага чытання, навучэнцы чацвёртага класа сярэдняй школы з класным кіраўніком Нінай Міхайлаўнай Бузюма; кнігалюб са шматгадовым чытацкім стажам, спораўскі Крылоў, Іван Чайчыц. Пенсіянерка Вольга Іванаўна Пашкевіч за саракапяцігадовую адданасць бібліятэцы і кнізе ўзнагароджана намінацыяй “Першая ластаўка”, званняў “Міс – жаночы раман”, “Бібліямарафонец”, “Містар – гістарычны раман” удастоены кнігалюбы Алена Пракурат, Таццяна Пашкевіч, Віктар Агрэніч.
Спораўская бібліятэка – адзіная ў раёне, дзе прафесія бібліятэкара стала сямейнай. Шмат добрых слоў пачула Алена Міхайлаўна Жуковіч, якая 39 год працавала вясковай асветніцай, вывела ўстанову ў лідары, яе імя было занесена на раённую Дошку гонару. Два гады таму марафонскую эстафету бабулі падхапіла яе ўнучка-цёзка – дваццаці-дзвюхгадовая Алена Жуковіч, студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Гэтае святочнае мерапрыемства яна на “выдатна” правяла сумесна з калектывам Спораўскага цэнтра культуры і вольнага часу, які адзначаны ў намінацыі “Палачка-выручалачка”.
Прысутных у зале сагрэлі праменьчыкі таленту дзяцей з аматарскага аб’яднання “Іскарка”, якія паказалі тэатр праваслаўнай кнігі “Тры сястры”. Юныя аматары прыроды з клуба “Праменьчык” падрыхтавалі касцюміраванае прадстаўленне “Царэўна-жаба на новы лад”.
У абсалютнай цішы залы глядзелі і стары і малы мультымедыйны слайд-круіз “Жывецца здорава ў чытаючым Спорава”.
Бібліятэку-юбіляра віншавалі сельвыканкам, прафкам мясцовай гаспадаркі, школа, працаўнікі сельскіх бібліятэк. Дырэкцыя ЦБС падарыла спораўскім чытачам акварыум з пажаданнем, каб у будучым кнігалюбы ўпісалі ў сваю “Кнігу рэкордаў” яшчэ адно дасягненне – гаворачая рыбка.
Калі прыгадаць байку, што жыхары Спорава са-дзяць бульбу ўначы, каб каларадскі жук не бачыў, усё магчыма.

Ала Драган,
загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай ЦРБ.

Оставить отзыв

Введите текст на картинке: