Зямлі маёй роднае слова

22 лістапада ў Браннагорскай сельскай бібліятэцы адбылася літаратурна-музычная вечарына “Зямлі маёй роднае слова”, прысвечаная паэтычнай творчасці нашых паэтаў-землякоў. Вершы гэтых аўтараў друкуюцца на старонках раённай газеты “Маяк.”
Распачалася сустрэча песняй нашай зямлячкі Алены Говін “Бярозаўскі вальс”. Пасля загадчыца сельскай бібліятэкі Галіна Грыцэнка дала слова вучням Браннагорскай школы. І загучалі вершы ў выкананні Аляксандры Жур, Дзмітрыя Сапранава і Мікіты Азёмы. Пранікнёна, з душой, чыталі школьнікі творы Мікалая Кацэні, Марыі Сцяфанавай, Вольгі Пашкевіч, Міколы Амялюсіка і многіх іншых творцаў.
На вечарыне прысутнічала Таццяна Лютыч, былая настаўніца нашай школы, якая таксама піша вершы, друкуе на літаратурнай старонцы газеты “Маяк”. Нічога не застаецца без увагі Таццяны Аляксандраўны – ці то вясновы дождж, ці то восеньскі лістапад, і таму яна закранае ў сваіх творах многія тэмы. Паэтка пачытала свае вершы, у тым ліку і верш пра маму, які выклікаў у многіх слухачоў слёзы.
Напрыканцы сустрэчы прагучала песня Ларысы Скроцкай “Вальс успамінаў”, якая яшчэ раз паказала, што паэзія ўмацоўвае душу чалавека, застаўляе яго быць духоўна багатым і шчаслівым.

Лізавета МШАР.
в. Бронная Гара.

Оставить отзыв

Введите текст на картинке: