Мама

«Галю-ю!» — гучыць у маёй душы і праз многа гадоў, праз дзесяцігоддзі. І здаецца я там, у невялікай лясной вёсачцы Івацэвіцкага раёна. І бягу насустрач ёй, маёй дарагой жанчыне,мама якая за час нашых адносін стала мне мамай.
… Помняцца далёкія 70-я гады. Свой першы прыезд у вёску мужа, бачу сябе – тоненькую, сарамлівую, нязграбную. Звычай вёскі такі: сын Ганны прывёз нявестку, пойдзем на агледзіны. Здаецца, і зараз чую раўнадушна кінутыя суседкай словы: «Такую «прыгажуню» і ў нас можна знайсці». І адказ маці: «Можа і такую, ды душу не тую».
Заўсёды ўдзячна і з любоўю, і з даччыной пяшчотай успамінаю яе, гэтую простую сялянку, якая мела ўсяго тры класы адукацыі, але Бог надзяліў яе прыродным розумам, дасціпнасцю, далікатнасцю, чулай душой. Як беражліва адносілася яна да нас, чатырох яе нявестак! Як умела радаваць! Летам прые-дзем да бацькоў, каб назаўтра ісці ў чарніцы, а яна пакліча нас у каморку і парадуе: там ужо кожнай па вядры ягад стаіць. Мы шчаслівыя, а яна яшчэ больш радуецца. А назаўтра зноў з намі ў лесе.
У вёсцы заўсёды многа працы, а жылі з гаспадаркі. Якраз праведзены былі меліярацыйныя работы і на чарназёме бульба добра радзіла. Маці ніколі не дазваляла нам, нявесткам, хапацца за мяхі. Лепш сама возьмецца ці сыноў заставіць. Суседкі заўсёды гаварылі: «Паглядзіце, як Ганна нявестак беражэ». А і праўда берагла… Даходзіла нават да смешнага. Аднойчы ў наш чарговы заезд (любілі ўсе збірацца разам) на копку бульбы не зусім ужо і рана зайшла ў хату суседка, а мы ўсе яшчэ спім: маці шкадавала будзіць. Паглядзела, пакруціла галавой ды на вёсцы і паведаміла, як Ганна ёй сказала, што маладыя ўжо ў полі…
У доме маёй свякроўкі былі вельмі вялікія пярыны. А заслаць ложак, каб яны роўненька ляглі, для мяне было пакутай. І так падыходжу, і з другога боку, а ўсё роўна не атрымліваецца. Гара з упадзінамі дый годзе. Натанцуешся, напакутуешся – а глянуць страшна. З сорамам адыходзіш ад ложка. А праз колькі хвілін бачыш: падушкі стаяць, як на парадзе, усё роўненька — любата! Мне становіцца сорамна, а яна хоць бы словам ці поглядам дакарала. Ніколі! Ужо тады, на самым пачатку сваёй ролі нявесткі, я адчула вялікую ўдзячнасць маці майго мужа. А я ж яе ніяк не называла, абыходзілася адным словам «вы», як гэта часта бывае ў маладых. Але ўсё змяніў адзін выпадак. Лесу вакол вёскі было многа, з усіх бакоў. Для маці паход у лес – і праца, і адпачынак. Вельмі ўжо лоўка знаходзіла яна грыбы. Але ж і выхадзіць па лесе. Я проста не паспявала за ёй, хаця старалася не ўпусціць: баялася заблудзіцца. А лес радаваў баравікамі і краснюкамі. Усе астатнія грыбы ў той мясцовасці называлі казлякамі – яны былі ніжэйшага сорту, іх у вёсцы не бралі. Знойдзе маці краснючок і кліча мяне: «Галю-ю! Сюды!» Ёй хочацца, каб я зрэзала яго, бо бачыла, колькі радасці было ў мяне на твары, калі знаходзіла грыб. І гэта сапраўды была радасць, ды яшчэ ўдвайне, ад таго, што гэтая пакуль чужая мне жанчына хоча, каб мне было радасна…
Аднойчы маці як звычайна хутка пайшла ў глыб лесу і я згубіла яе. Пабегла ў адзін — другі бок — няма. А лесу не ведаю, у які бок ісці? І як гукнуць? Усё ж страх прымусіў крыкнуць: «Мама!» Ды так гучна і роспачна, што маці адразу адгукнулася і подбегам пайшла насустрач. І мне падалося, што ў поглядзе яе з’явілася нешта цёплае, удзячнае… З тае пары так і называла яе – Мама. І ніяк не адрознівала свае адносіны да цяпер ужо сваіх дзвюх мам.
… Прайшло шмат часу. Абедзве Мамы ўжо знайшлі вечны спачын у роднай зямельцы. Але і праз гады ляціць да мяне ласкавае, мацярынскае «Галю-ю! Сюды ідзі, тут столькі грыбоў!» І ад гэтага ўспаміну святлее на душы. А грыбоў у гэтым годзе і сапраўды было многа.

Галіна ХАЛІМОНЧЫК.
г. Бяроза.

Оставить отзыв

Введите текст на картинке: